Старонка:Дуброўскі.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

згарэў з земскім судом і з усімі дваровымі. Былі-ж і такія, што здагадваліся аб праўдзе і сцвярджалі, што віноўнікам гэтага жудаснага няшчасця быў сам Дуброўскі, якім кіравала злосць і роспач. Траекураў прыехаў на другіж дзень на месца пажару і сам рабіў следства. Выявілася, што іспраўнік, засядацель земскага суда, страпчы і пісар, таксама як Валадзімір Дуброўскі, няня Егораўна, дваровы чалавек Грыгорый, фурман Антон і каваль Архіп зніклі невядома куды. Усе дваровыя паказалі, што прыказныя згарэлі ў той час, калі абваліўся дах, абгарэлыя іх косці былі знойдзены. Бабы Васіліса і Лукер'я сказалі, што Дуброўскага і Архіпа-каваля бачылі яны за некалькі хвілін да пажару. Каваль Архіп, як гаварылі ўсе, быў жывы і напэўна галоўны, калі не адзін віноўнік пажару. На Дуброўскага клалася моцная падазронасць. Кірыла Петровіч паслаў губернатару падрабязнае апісанне ўсяго здарэння, і новая справа пачалася.

Неўзабаве іншыя весткі далі іншую прычыну для цікаўнасці і гутарак. У ** з'явіліся разбойнікі і павялі жах на ўсю навакольнасць. Захады, якія ўжыла супроць іх улада, нічога не дапамаглі. Грабежніцтвы, адно за другое большае, адбываліся адно за другім. Было небяспечна па дарогах і па вёсках. Некалькі троек, поўных разбойнікаў, раз'язджалі днём па ўсёй губерні — спынялі падарожных і пошту, прыязджалі ў сёлы, грабілі памешчыцкія дамы і палілі іх. Начальнік шайкі славіўся розумам, адвагай і нейкім велікадушшам. Расказвалі пра яго цуды; імя Дуброўскага было ва ўсіх на языку, усе былі ўпэўнены, што ён, а не хто іншы, быў начальнік адважных злачынцаў. Дзівіліся з аднаго: маёнткаў Траекурава разбойнікі не кранулі, яны не аграбілі ў яго ніводнага хлява, не запынілі ніводнага воза. З звычайнай сваёй ганарыстасцю Траекураў знаходзіў прычыну гэтаму выключэнню ў тым страху, з якім на яго глядзелі ва ўсёй губерні, а таксама вельмі добрай паліцыі, якую ён завёў у сваіх вёсках. Спачатку суседзі смяяліся між сябе з гордасці Траекурава і кожны дзень чакалі, каб няпрошаныя госці завіталі ў Пакроўскае, дзе было ім чым пажывіцца, але нарэшце вымушаны былі з ім згадзіцца і прызнацца, што і разбойнікі ставіліся да яго з незразумелай павагай... Траекураў ганарыўся і пры кожнай вестцы аб новым грабежніцтве Дуброўскага, сыпаў насмешкамі наконт губернатара, іспраўнікаў і ротных камандзіраў, ад якіх Дуброўскі знікаў заўсёды без следу.

Тым часам надышло 1-е кастрычніка — прастольнае свята