Старонка:Дуброўскі.pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

Кірыла Петровіч хацеў няйначай тлумачэння ўсёй справе — хто папярэдзіў Дэфоржа аб жарце, для яго падрыхтаваным, або нашто ў яго ў кішэні быў пісталет. Ён паслаў па Машу, Маша прыбегла і пераклала французу бацькавы запытанні.

— Я не чуў пра мядзведзя, — адказаў Дэфорж, — але я заўсёды нашу пры сабе пісталеты, бо не маю намераў цярпець крыўду, за якую, паводле майго звання, не магу патрабаваць задавальнення.

Маша глядзела на яго са здзіўленнем і пераклала словы яго Кірылу Петровічу. Кірыла Петровіч нічога не адказаў, загадаў выцягнуць мядзведзя і злупіць з яго скуру; пасля, звярнуўшыся да сваіх людзей, сказаў: — «Бачыце, які маладзец! не спалохаўся, дальбог, не спалохаўся». З той хвіліны ён Дэфоржа палюбіў і не думаў ужо з яго паджартоўваць.

Але выпадак гэты зрабіў яшчэ большае ўражанне на Мар'ю Кірылаўну. Думкі яе ўзварушыліся: яна бачыла забітага мядзведзя і Дэфоржа, які спакойна стаяў над ім і спакойна з ёю гаварыў. Яна ўбачыла, што адвага і гордасць не належаць выключна аднаму саслоўю і з таго часу пачала выказваць маладому настаўніку павагу, якая, чым далей, то рабілася большай. Паміж імі пачаліся некаторыя зносіны. Маша мела цудоўны голас і вялікія музычныя здольнасці. Дэфорж пачаў вучыць яе. Пасля гэтага чытачу ўжо не цяжка здагадацца, што Маша закахалася ў яго, сама яшчэ ў гэтым сабе не прызнаючыся.

ТОМ ДРУГІ
Глава ІХ

Напярэдадні свята госці пачалі з'язджацца. Некаторыя спыняліся ў панскім доме і ў флігелях, другія ў войта, трэція ў свяшчэцніка, чацвёртыя ў заможных сялян — стайні поўныя былі дарожных коней, двары і хлявы заграмоджаны ўсялякімі экіпажамі. У дзевяць гадзін раніцы зазванілі на абедню і ўсе пацягнуліся да новай мураванай царквы, якую пабудаваў Кірыла Петровіч і штогодна ўпрыгожваў сваімі ахвярамі. Сабралася такое мноства важных багамольцаў, што простыя сяляне не маглі змясціцца ў царкве і стаялі ў прытворы і на цвінтары. Абедня не пачыналася — чакалі Кірылу Петровіча. Ён прыехаў у фаэтоне на шасцерыку і ўрачыста пайшоў на сваё месца, разам з Мар'яй Кірылаўнай. Позіркі