Старонка:Дуброўскі.pdf/38

Гэта старонка была вычытаная

вельмі лёгка вальсаваць. Некалькі разоў кружыўся ён з Мар'яй Кірылаўнай — і паненкі насмешліва за імі наглядалі. Нарэшце, каля поўначы, стомлены гаспадар спыніў танцы, загадаў даваць вячэру, а сам пайшоў спаць.

Адсутнасць Кірылы Петровіча дала ўсім больш волі і жвавасці - кавалеры асмеліліся заняць месцы каля дам, дзяўчаты смяяліся і перашэптваліся з сваімі суседзьмі; дамы моцна гаварылі цераз стол. Мужчыны пілі, спрачаліся і рагаталі — словам, вячэра была вельмі вясёлая і пакінула пасля сябе многа прыемных успамінаў.

Адзін толькі чалавек не ўдзельнічаў у агульнай радасці. Антон Пафнуцьіч сядзеў хмуры і маўклівы на сваім месцы, еў вяла і здаваўся вельмі неспакойны. Гаворкі аб разбойніках хвалявалі яго думкі. Мы хутка ўбачым, што ён меў грунтоўную прычыну іх баяцца.

Антон Пафнуцьіч, заклікаючы бога за сведку ў тым, што чырвоная шкатулка яго была пустая, не хлусіў і не грашыў чырвоная шкатулка сапраўды была пустая, грошы, якія раней ў ёй хаваліся, пераклаліся ў скураную торбу, якую насіў ён на грудзях пад кашуляй. Толькі гэтай асцярогаю заспакойваў ён сваю недаверлівасць да ўсіх і вечную баязнь. Вымушаны астацца начаваць у чужым доме, ён баяўся, каб не далі яму начлега дзе-небудзь у аддаленым пакоі, куды лёгка маглі залезці зладзеі, ён шукаў вачыма надзейнага таварыша і выбраў нарэшце Дэфоржа. Яго дужы выгляд, а найбольш смеласць, выяўленая ім пры спатканні з мядзведзем, пра якога небарака Антон Пафнуцьіч не мог успомніць без страху, памаглі яму ў гэтым выбары. Калі ўсталі з-за стала, Антон Пафнуцьіч стаў пакручвацца каля маладога француза, крэкчучы і адкашліваючыся і нарэшце звярнуўся да яго: — Гм, гм, ці не можна, мусье, пераначаваць мне ў вашай каморцы, бо як самі бачыце...

Que desire, monsieur[1], запытаў Дэфорж, далікатна яму пакланіўшыся.

— От бяда, ты, мусье, па-руску яшчэ не навучыўся. Жэ, вэ, муа, шэ ву кушэ[2] ці разумееш?

— Monsieur, très volontiers, - адказаў Дэфорж, — veuillez donner des ordres en conséquence.[3]

Антон Пафнуцьіч, вельмі задаволены сваімі ведамі ў французскай мове, пайшоў адразу распараджацца.

  1. Што вы хочаце, пане?
  2. Я хачу спаць у вас.
  3. Вельмі ахвотна, пане, калі ласка, дайце адпаведнае распараджэнне.