Старонка:Дуброўскі.pdf/40

Гэта старонка была вычытаная

трымаў кішэнны пісталет, а другой адшпільваў тую самую скураную торбу. Антон Пафнуцьіч аслупянеў.

— Кесь ке се, мусье, кесь ке се?[1] — прагаварыў ён дрыжачым голасам.

— Цішэй, маўчаць, - адказаў настаўнік чыстай рускай мовай, — маўчаць, а калі не — вам канец. Я — Дуброўскі.

Глава ХІ

Цяпер папросім у чытача дазволу растлумачыць апошнія падзеі аповесці нашай папярэднімі акалічнасцямі, аб якіх не паспелі мы яшчэ расказаць.

На станцыі **, у доме даглядчыка, пра якога мы ўжо ўспамянулі, сядзеў у кутку падарожны, з выглядам ціхім і цярплівым — падобна, што гэта быў разначынец або чужаземец, гэта значыцца чалавек, які не мае голаса на паштовым тракце. Брычка яго стаяла па дварэ, чакаючы падмазкі. У ёй ляжаў маленькі чамадан, мізэрны доказ яго не вельмі вялікага багацця. Падарожпы не браў сабе ні чаю, ні кофія, пазіраў у акно і пасвістваў на вялікае нездаваленне даглядчыцы, якая сядзела ў бакоўцы.

- От бог даў свістуна, — гаварыла яна сама сабе, - пасвіствае, каб ён лопнуў, паганы басурман.

— Чаму, — сказаў даглядчык, — што за бяда, няхай сабе свішча.

— Што за бяда? — адказала сярдзіта жонка, — а хіба не ведаеш прыметы?

— Якой прыметы? што свіст грошы зводзіць? Э, Пахомаўна, у нас свішчы, ці не: а грошай ніколі няма ўсёроўна.

— Адпраў ты яго, Сідарыч. Што табе за ахвота яго трымаць. Дай яму коней і няхай праваліцца к чорту.

— Пачакае, Пахомаўна; на стайні ўсяго тры тройкі, чацвёртая адпачывае. Таго і глядзі, падаспеюць добрыя праезджыя; не хачу сваёй шыяй адказваць за француза. О, так і ёсць! Унь едуць! Эгэ-эгэ, як шпарка; ці не генерал які?

Брычка спынілася каля ганку. Слуга саскочыў з козлаў, адчыніў дзверцы, і праз хвіліну малады чалавек у вайсковым шынелі і ў белай шапцы ўвайшоў да даглядчыка, следам за ім слуга ўнёс шкатулку і паставіў яе на акно.

— Коней, — сказаў афіцэр грозным голасам.

  1. Што гэта значыць, пане, што гэта значыць?