Старонка:Дуброўскі.pdf/44

Гэта старонка была вычытаная

Начуючы ў адным пакоі з чалавекам, якога мог ён лічыць асабістым сваім ворагам і адным з галоўных віноўнікаў яго няшчасця, Дуброўскі не мог утрымацца ад спакусы. Ён ведаў аб існаванні скураной торбы і надумаўся ёю заўладаць. Мы бачылі, як ён збянтэжыў небараку Антона Пафнуцьіча нечаканым сваім ператварэннем з настаўніка ў разбойніка.

У дзевяць гадзін раніцы госці, што начавалі ў Пакроўскім, сабраліся адзін за другім у гасцінай, дзе кіпеў ужо самавар, перад якім у ранішнім адзенні сядзела Мар'я Кірылаўна: а Кірыла Петровіч у байкавым сурдуце і ў туфлях выпіваў свой шырокі кубак, падобны да паласкальнай міскі. Апошнім з'явіўся Антон Пафнуцьіч; ён быў такі бледны і здаваўся такі ўтрапёны, што выгляд яго ўсіх здзівіў, і Кірыла Петровіч запытаўся аб яго здароўі. Спіцын адказаў штосьці без усялякага сэнсу і з жахам паглядаў на настаўніка, які тут-жа сядзеў, якбы нічога і не было. Праз некалькі хвілін слуга ўвайшоў і сказаў Спіцыну, што брычка яго гатова. Антон Пафнуцьіч заспяшаўся развітацца і, не слухаючы гаспадарскіх угавораў, вышаў шпарка з пакоя і адразу паехаў. Не разумелі, што з ім зрабілася, і Кірыла Петровіч падумаў, што ён аб'еўся. Пасля чаю і развітальнага снедання астатнія госці пачалі раз'язджацца. Неўзабаве Пакроўскае апусцела, і ўсё ўвайшло ў звычайны парадак.

Глава ХІІ

Прайшло некалькі дзён, і не адбылося нічога цікавага. Жыццё насельнікаў Пакроўскага было аднастайнае. Кірыла Петровіч штодзённа выязджаў на паляванне; чытанне, прагулкі і музычныя заняткі займалі Мар'ю Кірылаўну — асабліва музычныя заняткі. Яна пачынала разумець уласнае сэрца і прызнавалася з нявольнай прыкрасцю, што яно не было абыякавым да дадатнасцей маладога фраппуза. Ён з свайго боку не выходзіў з межаў павагі і дасканалай прыстойнасці, і тым заспакойваў яе гордасць і баязлівыя хістанні. Яна з большай і большай даверлівасцю аддавалася прывабнай прывычцы. Яна сумавала без Дэфоржа, заўсёды цікавілася ім, аб усім хацела ведаць яго думку і заўсёды з ім згаджалася. Можа быць, яна не была яшчэ закаханая, але пры першай выпадковай перашкодзе або раптоўным няшчасці полымя кахання павінна было ўспыхнуць у яе сэрцы.

Аднойчы, прышоўшы ў зал, дзе чакаў яе настаўнік, Мар'я Кірылаўна са здзіўленнем заўважыла збянтэжанасць на бледным яго твары. Яна адкрыла фортэпіяна, праспявала некалькі