Старонка:Дуброўскі.pdf/48

Гэта старонка была вычытаная

кінулася на пасцель і закалацілася ў істэрычным прыпадку. Служанкі збегліся, сілком яе раздзелі, ледзве яе сцішылі халоднай вадой і ўсялякімі спірытусамі. Яе паклалі ў пасцель, і яна ўпала ў санлівасць.

Тымчасам француза не знаходзілі. Кірыла Петровіч хадзіў узад і ўперад па залу, грозна пасвістваючы Гром победы раздавайся. Госці шапталіся між сабой, іспраўнік, здаецца, быў абдураны — француза не знайшлі. Напэўна ён паспеў знікнуць, папярэджаны загадзя. Але хто і як яго папярэдзіў? Гэта аставалася таемным.

Было адзінаццаць, але ніхто і не думаў пра сон. Нарэшце Кірыла Петровіч сказаў злосна іспраўніку:

— Ну што? Не да дня-ж табе тут сядзець, дом мой не карчма, не з тваім спрытам, браце, злавіць Дуброўскага, калі гэта сапраўды Дуброўскі. Едзь ты дадому і надалей будзь ты рухавейшы. Вам таксама пара дадому, — гаварыў ён далей, зварачваючыся да гасцей. — Загадайце запрагаць, а я хачу спаць.

Так недалікатна развітаўся Траекураў са сваімі гасцямі.

Глава ХІІІ

Прайшло некалькі часу без ніякага выдатнага здарэння. Але ў пачатку наступнага лета адбылося шмат змен у сямейным побыце Кірылы Петровіча.

За трыццаць вёрст ад яго быў багаты маёнтак князя Верэйскага. Князь доўгі час быў у чужых краях — усім маёнткам яго кіраваў адстаўны маёр, і ніякіх дачыненняў не было паміж Пакроўскім і Арбатавым. Але ў канцы мая месяца князь вярнуўся з-за граніцы і прыехаў у сваю вёску, якой зроду яшчэ не бачыў. Прывыкнуўшы да люднасці, ён не мог пераносіць адзіноты і на трэці дзень пасля свайго прыезду паехаў абедаць да Траекурава, з якім быў калісьці знаёмы.

Князю было каля пяцідзесяці год, але ён здаваўся куды старэйшы. Усялякія непатрэбствы сапсавалі яго здароўе і паклалі на ім сваю пячаць. Не гледзячы на гэта, выгляд яго быў прыемны, прывабны, а прывычка быць заўсёды ў грамадзе рабіла яго ветлівым, асабліва з жанчынамі. Ён меў несупынную патрэбу быць сярод людзей і бесперапынку сумаваў. Кірыла Петровіч быў надзвычай рад яго прыезду, прыняўшы гэта за адзнаку павагі ад чалавека, які ведае свет; ён як зазвычай пачаў частаваць яго аглядам сваіх уладанняў і павёў на сабачы двор. Але князь ледзь не задыхнуўся ў сабачым па