Старонка:Дуброўскі.pdf/49

Гэта старонка была вычытаная

ветры і спяшаўся выйсці вон, заціскаючы нос хустачкай, апырсканай духамі. Старасвецкі сад з яго стрыжанымі ліпамі, чатырохкутнай сажалкай і правільнымі дарожкамі яму не спадабаўся; ён любіў англійскія сады і так званую прыроду, але хваліў і захапляўся; слуга прышоў сказаць, што абед пададзен. Яны пайшлі абедаць. Князь пакульгваў, стаміўшыся сваім спацырам і ўжо каючыся, што прыехаў сюды.

Але ў зале спаткала іх Мар'я Кірылаўна і стары гуляка быў здзіўлен ад яе хараства. Траекураў пасадзіў гасця каля яе. Князь ажывіўся ад блізасці яе, быў вясёлы і паспеў некалькі разоў прыцягнуць яе ўвагу цікавымі сваімі расказамі. Пасля абеда Кірыла Петровіч прапанаваў ехаць конна, але князь папрасіў прабачэння, паказваючы на свае аксамітавыя боты—і жартуючы з свае падагры — ён захацеў лепш праехацца ў лінейцы, з тым каб не разлучацца з любай своёй суседкай. Лінейку запраглі. Два старыя і красуня селі і паехалі. Гаворка не спынялася. Мар'я Кірылаўна з прыемнасцю слухала далікатныя і вясёлыя пахвальбы свецкага чалавека, як раптам Верэйскі, павярнуўшыся да Кірылы Петровіча, запытаў у яго, што значыць гэты пагарэлы будынак, і ці яму ён належыць?..— Кірыла Петровіч нахмурыўся; успаміны, абуджаныя ў ім пагарэлай сялібай, былі яму непрыемныя. Ён адказаў, што зямля цяпер яго і што раней яна належала Дуброўскаму.

- Дуброўскаму, — перапытаў Верэйскі,—як, гэтаму славутаму разбойніку?

— Яго бацьку, - адказаў Траекураў, — але і бацька быў не малы разбойнік.

— Куды-ж дзеўся наш Рынальдо?[1] Ці жыў ён, ці злавілі яго?

— І жыў, і на волі—і пакуль у пас будуць іспраўнікі спрыяць у руку зладзеям, да тых часоў не будзе ён злоўлены; дарэчы, князь, Дуброўскі, здаецца, быў у цябе ў Арбатаве?

— Так, леташнім годам, ён, здаецца, штосьці спаліў ці разграбіў. Ці не праўда, Мар'я Кірылаўна, што было-б цікава пазнаёміцца бліжэй з гэтым рамантычным героем?

— Што там цікава! — сказаў Траекураў,— яна знаёма з ім — ён цэлыя тры тыдні вучыў яе музыцы, але дзякуй богу не ўзяў нічога за ўрокі.

Тут Кірыла Петровіч пачаў расказваць пра свайго фран

  1. Рынальдо—герой вядомага ў свой час рамана нямецкага пісьменніка Вульпіуса (1762 — 1827) «Рынальдо-Рынальдзіні, атаман разбойнікаў».