Старонка:Дуброўскі.pdf/54

Гэта старонка была вычытаная

— Калі надумаецеся прыйсці да мяне, - сказаў ён — то прынясіце пярсцёнак сюды, пакладзіце яго ў дупло гэтага дуба — я буду ведаць, што рабіць.

Дуброўскі пацалаваў яе руку і знік між дрэў.

Глава ХVІ

Заляцанне князя Верэйскага не было ўжо сакрэтам для суседзяў — Кірыла Пестровіч прымаў віншаванні, да вяселля рыхтаваліся. Маша з дня на дзень адкладала канчатковае агалашэнне. Тым часам абыходжанне яе з старым жаніхом было халоднае і штучнае. Князь пра гэта не дбаў. Ён аб каханні не клапаціўся, задаволены яе маўклівай згодай.

Але час ішоў. Маша нарэшце адважылася дзейнічаць і напісала ліст да князя Верэйскага; яна старалася абудзіць у яго сэрцы пачуццё вялікадушша, шчыра прызнавалася, што не мела да яго аніякай схільнасці, упрашвала яго адмовіцца ад яе і самому абараніць яе ад бацькавай улады. Яна ціханька аддала ліст князю Верэйскаму, той прачытаў яго і ніяк яго не кранула шчырасць яго нявесты. Наадварот, ён убачыў патрэбу хутчэй зрабіць вяселле і для гэтага палічыў патрэбным паказаць ліст будучаму цесцю.

Кірыла Петровіч узвар'яваўся: князь ледзь мог угаварыць яго не паказваць Машы і выгляду, што ён ведае пра яе ліст. Кірыла Петровіч згадзіўся ёй пра гэта не гаварыць, але меў намер не траціць часу і вызначыў адбыцца вяселлю на другі-ж дзень. Князь сказаў, што гэта вельмі разумна, пайшоў да свае нявесты, сказаў ёй, што ліст яе абудзіў у ім сум, але што ён спадзяецца з цягам часу заслужыць яе прыхільнасць, што думка страціць яе вельмі яму цяжкая і што ён не мае сіл згадзіцца на свой смяротны прысуд. Пасля гэтага ён далікатна пацалаваў яе руку і паехаў, не сказаўшы ёй ні слова аб тым, што вырашыў Кірыла Петровіч.

Але ледзь паспеў ён выехаць з двара, як бацька яе ўвайшоў і адразу загадаў ёй падрыхтавацца да заўтрашняга дня. Мар'я Кірылаўна, ужо ўсхвалёваная словамі князя Верэйскага, аблілася слязьмі і кінулася да бацькавых ног.

— Папенька, — закрычала яна жаласлівым голасам, — папенька, не губіце мяне, я не люблю князя, я не хачу быць яго жонкай...

— Гэта што значыць, — сказаў грозна Кірыла Петровіч, — дагэтуль ты маўчала і была згодна, а цяпер, калі ўсё вырашана, ты ўздумала капрызнічаць і адмаўляцца. Пакінь дурыцца, гэтым ты нічога не выйграеш.

— Не губіце мяне, — паўтарыла небарака Маша, - за