Старонка:Дуброўскі.pdf/56

Гэта старонка была вычытаная

сон яе быў устрывожан сумнымі ўяўленнямі, і праменні ранішняга сонца пабудзілі яе.

Глава ХVІІ

Яна прачнулася, і з першай думкай уявіўся ёй увесь жах яе стану. Яна пазваніла, дзеўка ўвайшла і на запытанні яе адказала, што Кірыла Петровіч увечары ездзіў у Арбатава і вярнуўся позна, што ён даў жорсткі загад не выпускаць яе з пакою і наглядаць за тым, каб ніхто з ёю не гаварыў, што, дарэчы, не відаць ніякіх асаблівых падрыхтовак да вяселля, апрача таго, што загадана было папу не адлучацца з вёскі ні з якіх прычын. Пасля гэтых вестак дзеўка пакінула Мар'ю Кірылаўну і зноў замкнула дзверы.

Яе словы зрабілі зацятай маладую нявольціцу; галава яе кіпела, кроў хвалявалася; яна вырашыла даць ведаць аб усім Дуброўскаму і пачала шукаць спосабу адправіць пярсцёнак у дупло таго дуба. У гэты час каменьчык стукнуўся ў яе акно, шкло зазвінела - і Мар'я Кірылаўна глянула на двор і ўбачыла малога Сашу, які рабіў ёй таемныя знакі. Яна ведала яго прывязанасць і ўзрадавалася яму. Яна адчыніла акно.

— Добры дзень, Саша, — сказала яна, - нашто ты мяне клічаш?

— Я прышоў, сястрыца, даведацца ад вас, ці не трэба вам чаго-небудзь. Папенька злосны і забараніў усяму дому вас слухаць, але скажыце мне зрабіць, што хочаце, і я для вас усё зраблю.

— Дзякуй, любы мой Сашачка, слухай: ты ведаеш стары дуб з дуплом, што каля альтанкі?

— Ведаю, сястрыца.

— То калі ты мяне любіш, збегай туды хутчэй і пакладзі ў дупло вось гэты пярсцёнак, але глядзі, каб ніхто цябе не бачыў.

З гэтым словам яна кінула яму пярсцёнак і зачыніла акно.

Хлопчык падняў пярсцёнак і з усіх сіл кінуўся бегчы - і за тры хвіліны апынуўся ля патрэбнага дрэва. Тут ён спыніўся, аддыхваючыся, азірнуўся на ўсе бакі і паклаў пярсцёнак у дупло. Скончыўшы справу шчасліва, хацеў ён адразу-ж паведаміць пра гэта Мар'і Кірылаўне, як раптам рыжы і касавокі абарваны хлапчук мільгнуў з-за альтанкі, кінуўся да дуба і запусціў руку ў дупло. Саша хутчэй за вавёрку кінуўся да яго і ўчаціўся за яго абодвума рукамі.