Старонка:Дуброўскі.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

маленькі чалавек у скураным картузе і фрызавым[1] шынялю злез з воза і пайшоў у флігель да эканома; Траекураў пазнаў засядацеля Шабашкіна і загадаў яго паклікаць. Праз хвіліну Шабашкін ужо стаяў перад Кірылам Петровічам, раз-по-разу згінаючыся ў паклонах і з дрыжаннем сэрца чакаючы яго загадаў.

— Здароў, забыўся, як цябе завуць, сказаў яму Траекураў, — чаго прыехаў?

— Я ехаў у горад, ваша прэвасхадзіцельства, — адказаў Шабашкін, — і зайшоў да Івана Дзем'янава даведацца, ці не будзе якога загаду ад вашага прэвасхадзіцельства.

— Вельмі ў час заехаў, як, забыўся, цябе завуць, у мяне да цябе патрэба, выпі гарэлкі і выслухай.

Такое ласкавае абыходжанне прыемна здзівіла засядацеля. Ён адмовіўся ад гарэлкі і пачаў слухаць Кірылу Петровіча з найвышэйшай увагай.

— У мяне сусед ёсць, — сказаў Траекураў, — дробна- маянтковы грубіян: я хачу забраць у яго маёнтак — што ты пра гэта думаеш?

— Ваша прэвасхадзіцельства, калі ёсць якія-небудзь дакументы, або...

— Хлусіш, братка, якія табе дакументы. На тое ўказы. У тым і сіла, каб без усялякага права адабраць маёнтак. Чакай. Гэты маёнтак належаў калісьці нам, быў куплен у нейкага Спіцына і прададзен потым бацьку Дуброўскага. Ці нельга за гэта ўчапіцца?

— Мудравата, ваша прэвасхадзіцельства, напэўна гэты продаж зроблен законным парадкам.

— Падумай, браце, пашукай добра.

— Калі-б, напрыклад, ваша превасхадзіцельства маглі якім сабе хоць чынам дастаць ад вашага суседа запіс, у сілу якога уладае ён сваім маёнткам, то вядома...

— Разумею, але вось бяда — у яго ўсе паперы згарэлі у часе пажару.

— Як, ваша прэвасхадзіцельства, паперы ў яго згарэлі! Чаго-ж вам лепш — у такім выпадку, дазвольце дзейнічаць, паводле законаў і без усялякіх няўдач будзе вам ваша сапраўднае задаваленне.

— Ты думаеш? Ну, глядзі-ж. Я спадзяюся на тваю стараннасць, а наконт мае падзякі, то можаш быць упэўнен.

Шабашкін скланіуся амаль да зямлі, вышаў, з таго-ж дня

  1. Фрызавы — з тоўстага сукна, зробленага адмысловым спосабам.