Старонка:Дуброўскі.pdf/61

Гэта старонка была вычытаная

Мар'я Кірылаўна ўстала і не адказала нічога. Дзверы адчыніліся.

— Нявеста гатова — сказала дама Кірылу Петровічу, — загадайце садзіцца ў карэту.

— З богам, — адказаў Кірыла Петровіч, узяўшы са стала абраз, — падыйдзі да мяне, Маша, - сказаў ён ёй расчуленым голасам, — бласлаўляю цябе...

Небарака дзяўчына кінулася яму ў ногі і зарыдала.

— Папенька... папенька... — гаварыла яна праз слёзы, і голас яс ледзьве быў чуцен.

Кірыла Петровіч спяшаўся яе блаславіць, — яе паднялі і амаль панеслі ў карэту. З ёю села пасажаная маці і адна з служанак. Яны паехалі ў царкву. Там жаніх ужо іх чакаў. Ён вышаў насустрач да нявесты і быў здзіўлен бледнасцю яе і дзіўным выглядам. Яны разам увайшлі ў халодную, пустую царкву, за імі замкнулі дзверы. Свяшчэннік вышаў з алтара і адразу-ж пачаў. Мар'я Кірылаўна нічога не бачыла, нічога не чула, думала пра адно; з самага ранку яна чакала Дуброўскага, надзея ні на хвіліну яе не пакідала, але калі свяшчэннік звярнуўся да яе з пэўнымі пытаннямі, яна ўздрыганулася і абмерла — але яшчэ марудзіла, яшчэ чакала; свяшчэннік, не дачакаўшыся яе адказу, сказаў словы, якіх назад нельга вярнуць.

Абрад быў скончан. Яна адчувала халодны пацалунак нялюбага мужа, яна чула вясёлыя віншаванні прысутных і ўсё яшчэ не магла паверыць, што жыццё яе было навекі скутая, што Дуброўскі не прымчаўся вызваліць яе. Князь звярнуўся да яе з ласкавымі словамі, яна іх не зразумела, яны вышлі з царквы, на цвінтары стаялі сяляне з Пакроўскага. Позірк яе хутка іх акінуў і зноў стаў як нежывы. Маладыя селі разам у карэту і паехалі ў Арбатава, туды ўжо выехаў Кірыла Петровіч, каб спаткаць там маладых. Седзячы поплеч маладое жонкі, князь аніяк не быў збянтэжан яе халодным выглядам. Ён не надакучаў ёй прыкрай гаворкай і смешным захапленнем, словы яго былі простыя і не патрабавалі адказаў. Так праехалі яны каля дзесяці вёрст, коні імчаліся шлпарка па няроўнай дарозе, і карэта амаль не гойдалася на сваіх англійскіх рэсорах. Раптам пачуліся крыкі пагоні, карэта спынілася, — натоўп узброеных людзей абкружыў яе, - і чалавек з маскай на твары адчыніўшы дзверцы з таго боку, дзе сядзела маладая княгіня, сказаў ёй:

— Вы вольная, выходзьце.

— Што гэта значыць! - закрычаў князь, - хто ты такі!..