Старонка:Дуброўскі.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

пачаў старацца наконт задуманай справы і, з прычыны яго спрытнасці, роўна праз два тыдні Дуброўскі атрымаў з горада запрашэнне даць адразу-ж патрэбныя тлумачэнні наконт уладання сяльцом Кісцянёўкай.

Андрэй Гаўрылавіч, здзіўлены нечаканым патрабаваннем, у той-жа дзень напісаў у адказ даволі недалікатную паперку, у якой заяўляў ён, што сяльцо Кісцянёўка асталося яму па смерці нябожчыка яго бацькі, што ён уладае ім паводле права спадчыннасці, што Траекураву да яго справы ніякай няма і што ўсялякае пабочнае вымаганне на гэтую яго ўласнасць, ёсць паклёп і машэнства.

Ліст гэты выклікаў вельмі прыемнае ўражанне ў душы засядацеля Шабашкіна. Ён убачыў, па-першае, што Дуброўскі мала што разумее ў справах, па-другое, што чалавека такога гарачага і неасцярожнага няцяжка будзе давесці да самага невыгоднага стану.

Андрэй Гаўрылавіч, разгледзеўшы спакойна засядацельскія патрабаванні, убачыў неабходнасць адказаць дакладней. Ён напісаў даволі дзельную паперу, але яна па ходзе часу выявілася як недасканалая.

Справа пачала цягнуцца. Упэўнены ў сваёй праўдзе, Андрэй Гаўрылавіч мала аб ёй думаў, не меў ні ахвоты, ні магчымасці сыпаць навакол сябе грашыма, і хоць ён, бывала, заўсёды першы кпіў з прадажнага сумлення чарнільнага племя, але думка зрабіцца ахвярай ашуканства не прыходзіла яму ў галаву. З свайго боку Траекураў так-жа мала клапаціўся аб выйгрышы пачатай ім справы — Шабашкін за яго стараўся, дзейнічаў ад яго імя, палохаючы і падгоджваючы суддзяў і карыстаючы крыва і проста ўсялякія указы. Як-бы там ні было, 18.. года, * дня, Дуброўскі атрымаў праз гарадавую паліцыю запрашэнне явіцца да ** земскага суддзі, каб выслухаць рашэнне яго аб справе спрэчнага маёнтка паміж ім, паручыкам Дуброўскім, і генерал-аншэфам Траекуравым, і каб падпісаць сваё задаваленне або незадаваленне. У той-жа дзень Дуброўскі рушыў у горад; па дарозе дагнаў і апярэдзіў яго Траекураў. Яны горда зірнулі адзін на аднаго, і Дуброўскі заўважыў зларадную усмешку на твары свайго ворага.

Глава II

Прыехаўшы ў горад, Андрэй Гаўрылавіч спыніўся ў знаёмага купца, начаваў у яго і на другі дзень зранку з'явіўся ў павятовы суд. Ніхто не звярнуў на яго ўвагі. Следам за ім прыехаў і Кірыла Петровіч, пісары ўсталі і пазакладалі пер'я