Старонка:Дуброўскі.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

за вуха, члены спаткалі яго з глыбокай і ліслівай пашанай, прысунулі яму крэсла з павагі да яго чыну, гадоў і паважнасці: ён сеў пры адчыненых дзвярах. Андрэй Гаўрылавіч, стоячы, прыхіліўся да сцяны — стала глыбокая цішыня, і сакратар звонкім голасам пачаў чытаць судовую пастанову.

Мы змяшчаем яе ўсю, мяркуючы, што кожнаму прыемна будзе ўбачыць адзін з спосабаў, якімі на Русі можам мы страціць маёнтак, на ўладанне якім маем бясспрэчнае права.

18... года лютага * дня ** павятовы суд разглядаў справу аб няправільным уладанні гвардыі паручыкам Андрэем Гаўрылавым сынам Дуброўскім маёнткам, належачым генерал- аншэфу Кірылу Петровічу сыну Траекураву, ** губерні, у сяльцы Кісцянёўцы, мужчынскага роду 186-ю душамі, ды зямлі з паплавамі і ўгоддзямі 932 дзесяціны. З названай справы відаць: адзначаны генерал-аншэф Траекураў мінулага 18... года ** 9-га дня ўвайшоў у гэты суд з прашэннем у тым, што нябожчык яго бацька, калежскі асэсар і кавалер Пётр Ефімаў сын Траекураў у 17... годзе, жнівеня 14 дня, служыўшы ў той час у ** намесніцкім праўленні за правінцыяльнага сакратара, купіў з дваран у канцылярыста Фадзея Егорава сына Спіцына маёнтак ** акругі ва ўспамянутым сяльцы Кісцянёўцы, каторае паселішча тады па рэвізіі звалася кісцянёўскімі выселкамі, усяго азначаных па 4-й рэвізіі мужчынскага роду 113 душ з усёй іх сялянскай маёмасцю, сялібай, з ворнаю і неворнаю зямлёю, лясамі, сяннымі пакосамі, рыбнымі лоўлямі па рэчцы, празываемай Кісцянеўцы, і з усімі прыналежачымі да гэтага маёнтку ўгоддзямі і панскім драўляным домам і словам усё без астачы, што яму пасля бацькі яго, з дваран урадніка Егора Цярэнцьева сына Спіцына ў спадчыну асталося і ва ўладанні яго было, не пакідаючы з людзей ніводнай душы, а з зямлі ніводнай чацвярціны, цаной за 2500 р., на што і купчая ў той-жа дзень у ** палаце суда і расправы творана, і яго бацька тады-ж жнівеня ў 26-ты дзень ** Земскім судом уведзен быў ва ўладанне і учынён за яго адказ. — А, нарэшце, 17... года верасня 6 дня бацька яго з волі божай памёр, а тым- часам ён, прасіцель, генерал-аншэф Траекураў з 17... года амаль з маленства знаходзіўся ў вайсковай службе і найбольш быў у паходах за граніцамі, чаму ён і не мог мець вестак, як аб смерці бацькі яго, роўна так і аб астаўленым пасля яго маёнтку. Цяпер-жа, па выхадзе зусім з той службы ў адстаўку і па звароце ў маёнткі бацькі яго, якія знаходзяцца у ** і ** губернях у К **, П** і P** паветах у розных паселішчах, усяго 3000 душ, знаходзіць, што з ліку адзначаных