Старонка:Дудка беларуская (1922, Коўна).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

У зялезе тыя дзьверы
Пры дзьвярох стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты,
Так як-бы яшчэ ня сыты
Людзкіх сьлёзаў, мукі, енку;
Не гавораць памаланьку,
А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,
А ўсё з боем, ўсё з нагайкай.
..............
У дзядзінец нас як пхнулі,
Дзьвярмі тымі як грукнулі,
Дык і сьвет мне тым закрыўся,
Як-бы у труну забіўся…
Зараз старшы ўзяў за плечы,
Хляснуў трэйчы, так, — бязрэчы!
Ключы кінуў. — У халодну! —
І аблаяў матку родну.
Нас піхнулі, як у яму,
Ў цёмну хату чварагранну,
Далі хлеба, вады меру,
І запёрлі, як за веру
У цямніцах калі-сь гэта
Замыкаліся ад сьвета.
Цёмна, зімна!… Прытуліцца
Німа куды! А каганец,
Як-бы губка, толькі тліцца…
Засьпявалі мы ражанец:
Пяём, плачам, аж галосім!
Божай ласкі, праўды просім,
Ў такім енку, са сьлязамі
І паснулі мы ў той ямі!
Абудзіўся я з здзівеньня:
Глядзяць у шчэлачку праменьня!