мая краля і пачала пацяшаць мяне рознымі спосабамі: гладзіла мне твар і воласы, тулілася да мяне, соладка міргала мне вачыма, а я плакаў, як малое дзіцянё.
А ў печцы палалі, вылітыя на паперы, найлепшыя мары — сны майго сэрца, яснацьвет маіх юнацкіх гадоў — лепшая частка маёй душы. Ды што я кажу частка — уся мая душа, увесь я гарэў на вогнішчы інквізыцыі. Гледзячы, як мае рукапісы скручваліся ў скруткі на агні, нібы жывыя істоты ад болю, я сам, лежачы на ложку, круціўся ад болю ў розныя бакі і ціха стагнаў. Пазіраючы на тое, як ніклі прыгожыя, пісаныя радкі маіх вершаў, мне здавалася, што бляск маіх вачэй нікне разам з маімі вершамі, што язык мой нямее.
Мая краля паднялася, падскочыла да печы, схваціла качаргу, паправіла агонь у печы і не адышла ад агню, пакуль апошнія мае шпаргалі не згарэлі.
— „Рэпарацыя“ скончана! — весела сказала мая краля. Цяпер, без сваіх вершаў, ты ўжо напалавіну здаровы чалавек.
7. Ня зусім яшчэ вылечыўся
Вярнуўся я ад сваёй кралі дахаты з пустой галавой ды з грашмі ў кішэні. Ня маючы ніколі столькі багацьця ў кішэні, я спачатку трохі зьбіўся з панталыку: што мне рабіць з грашмі? І, доўга ня думаючы, я пабег у кнігарню і зараз-жа накупіў сабе кніг і кніжачак навейшай маскоўскай поэзіі. Прывалок я да хаты цэлы жмут кніг розных форматаў