круглы, а ў душы такое пачуцьцё сытасьці, ажно я забыўся, што дзесьці ў цёмных закутках пануе голад. Ды і голад гэты патрэбны, — падумаў я, — каб ня гэты голад вакол, дык ты-б не адчуваў так моцна гэтай сытасьці. Каб ня было ночы, дык ніхто не цаніў-бы як мае быць сьвету дню. Гэта і ёсьць праўдзівая гармонія жыцьця.
Словам, я „ачалавечыўся“ ня толькі выглядам, але і думкамі.
Я таксама пачаў міргаць вачыма і шушукацца. Гэта маёй кралі так спадабалася, ажно яна абяцалася ў хуткім часе прышпіліць мяне к „дзелу“ як належыць. Я ўвашоў у смак і чакаў гэтай шчасьлівай мінуты.
11. Мая ўлада над людзьмі
Яшчэ ня прышпілены к „дзелу“, а грошай у мяне было ўжо столькі, што не адзін дзесятак людзей я мог бы сабе купіць на паслугацтва.
Брыджу сабе па менскіх галоўных вуліцах ды з гордасьцю пазіраю вакол. Шапкуюць мне ўсе крамнікі, кланяюцца нізка біржавікі і розныя асобы. Каму пабэкаю, каму памэкаю басам дзеля большай павагі дый жывот сабе пагладжу…
Брыджу і бачу каля аднэй вітрыны стаяць мае быўшыя сябры-журналістыя.
„Ну, — думаю сабе, — трэба пагаманіць з сваімі людзьмі і паказаць ім, хто такі Сымон, на што ён здольны“.