Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

брасьлеткі і іншыя рэчы (нават залатыя зубы). На падлозе валяліся мяшкі з серабром.

Гэта ўсё (апрача „каратаў“) называлася „ломам“ — залатыя рэчы, якія ідуць на зьліткі дзеля перапраўкі заграніцу.

Я любаваўся гэтымі рэчамі, як малое дзіця, любаваўся пышнасьцю, аддзелкай, орнамэнтацыяй. Там знаходзіліся старасьвецкія рэчы XVIII і XVII вякоў дзіўнай пекнаты. Рэчы гэтыя маглі-б аздобіць не адзін музэй.

Але тут былі людзі, якія ўмелі добра шушукацца і глядзелі на мастацкія рэчы з боку іх практычнай вартасьці: колькі фунтаў золата дасьць гэта куча „дрындушак“…

І я, відаць, яшчэ ня зусім „ачалавечыўся“, бо, як панесьлі гэту „кучу дрындушак“ да юбэліра, каб зрабіць зьліткі золата з іх, я раптам пасмутнеў…

13. Як у байцы

Мая краля рыхтавала мяне на першы баль — па контрабанду на граніцу. Выехаў я з Менску у звычайнай просьценькай каламажцы на звычайным коніку. Але нязвычайна было ўсё гэта! Дно каламажкі было двайное і ляжала там каля васьмі пудоў срэбных плітак. Прыатосы, буксы, шворан і іншыя мэталічныя часткі каламажкі былі залатыя, абкураныя дымам і запэцканыя каланіцай, а ў хамуце былі ўшыты маленечкія мяшэчкі з „каратамі“.

Выехалі мы цэлай кампаніяй на некалькіх фурманках, і кожная фурманка была вышыкавана такім-жа самым чынам.