Мне ўся гэта махінацыя так спадабалася, што я і забыўся аб ранейшым смутку. Тут запахла старасьвецкім, рыцарскім або, хутчэй, разбойніцкім романтызмам, напамінала казкі Шахаразады… Гэтае ўражаньне яшчэ болей павялічылася тады, калі мы зьвярнулі з тракту на розныя сабачыя дарожкі і сьцежачкі, абмінаючы асобыя пасты, вёскі і наогул жывых людзей. Ехалі мы на добрых конях і, галоўным чынам, уначы. А калі мы дзе спатыкалі людзей, дык гэта былі ўсё нашыя агэнты, нашыя прыхлебнікі.
Увабраліся мы ў лес, у такую гушчэчу, што і неба ня відаць, цямнютка, — хоць ты вока выкалі. З кожнай цёмнай шчыліны дрымучага лесу пільнавалі нас жудасьць і страх… Дрэвы перашэптваліся поцемках, як мы на біржы. Здалёку чуваць было воўчае выцьцё. Коні фыркалі і рваліся наперад. Людзі маўчалі. Трэба прызнацца, што ад няпрывычкі мяне агарнуў не малы страх. Хаця прыемны быў мне гэты страх, тулячыся ў поцемках да сваёй кралі.
І мне нечага надзвычайнага захацелася, захацелася, каб напалі разбойнікі, нейкія бэдуіны-наезьнікі ці іншыя. Фантазія ў мяне так разыгралася, што я вытрымаць ня мог. Сьвежасьць і пахнучасьць ляснога паветру і цемра ночы ліліся мне ў грудзі, як хмельнае пітво, і ап‘янялі мяне так моцна, ажно галава кружыцца пачала. Тут на мяне напала шаласьць — я ўлажыў у губу два пальцы і сьвіснуў, так моцна сьвіснуў, што рэха покатам пакацілася па лесе. Тады толькі я апамятаўся, калі з усіх фур-