і надзвычайная ўважлівасьць, што выпрацоўваецца практыкай многіх гадоў. Гэту работу трэба ўмець. Аўгіня ўмее.
На шырокім жаўтаватым, патрэсканым тапчане ў начоўцы, нібы мёд ліпавы, залаціцца рошчына, ахопленая сеткай бурбалак-пузыркоў.
Аўгіня кідае на патэльню шматок сала, белага, як сьнег, з празрыста-ружовым адценкам колеру неба на заходзе сонца. Так падсмажыць, што і сала многа ня выходзіць, і блін не прыстае да патэльні. Сала распусьціцца з лёгкім сквіргатаньнем па дне патэльні, пакрые яе глянцам, нібы наваксаваны бот у франта. Пасьля чабухне з вялікай дрыўлянай лыжкі рошчыны ў патэльню, пакруціць, паверне рукою патэльню ва ўсе бакі і — ж-ж-жух: расплываецца рошчына жоўтай паводкай, роўным круглым слоем.
Ад патэльні разыходзіцца густымі хвалялі смачны пах, які апетытна казытае ў нос, прыемна гладзіць горла i раскудзельваецца нявідочным туманам па ўсіх кутох і шчэлінах убогай хаткі.
Паставіць Аўгіня патэльню на под гарачы, воддаль ад агню, каб ня прыпёкся блін, пакруціць да агню ўсімі краямі, потым спрытна пераверне блін на другі бок: блін робіцца пульхным, прымае ружовы колер, нібы круглы твар маладой дзяўчынкі.
У Аўгіні нават і першы блін комам ня выходзіць.
Расьце стопка бліноў на белым абрусе, засланым на зэдліку, падымаецца ўгору, як той стог на