рэчы на рынак, але пад гэтымі рэчамі былі запакаваны нашыя лубянкі. Самыя дарагія тавары несьлі пешаходы ў мяшкох на плячох.
На гэты раз нам удалося ўсё цалком прывезьці ў горад. Увесь тавар у нас адкупілі менскія крамнікі за добрыя грошы. А тавар быў у нас размаіты і дарагі: сукно, галянтарэя, кокаін, сахарын, скура, прылады для дантыстых і іншае.
У далейшых нашых паездках нам ня так шанцавала: часта шукалі па сялянскіх вазох і знаходзілі нашыя тавары.
17. Экскурсіі па СССР
Калі на граніцы зрабілася трохі цяжэй, мы пачалі рабіць экскурсіі па СССР і завялі шырокі гандаль, карыстаючыся ўсюды пашанай і гонарам, бо сыпалі грашыма направа і налева. Няма нічога лягчэйшага, як адпраўляць „трэфныя“ тавары багажом. У нас ішла справа вельмі гладка, але трэба прызнацца, што наш брат ужо прывык да вялікіх выйгранак, а памалу плаваць у гандлёвым моры — гэта для нас нейкая нудная проза. Нам патрэбна поэзія ў гандлі — пагранічная рызыка і вялікія каўшы з золатам.
Ад экскурсіі па СССР я меў адну карысьць, што выўчыў добра географію на практыцы і мог-бы злажыць мапу Саюзу напамяць з адметкамі аб тым, дзе якія купцы якім таварам гандлююць, па якіх чыгунках бяруць хабар, а па якіх не бяруць і шмат іншых такіх характэрных штучак.