Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

18. У свае ранейшыя Палястыны

Экскурсіі па СССР нам шмат карыснага не далі, і мы вярнуліся ў свае ранейшыя Палястыны — на граніцу. Зямля ўсё-ж такі кружыцца — контрабанда ўсё-ж такі найлепшая рэч на сьвеце.

Я зрабіўся спэцыялістым па выведваньні розных новых сьцежачак дзеля аб‘езду пастоў з Менску да граніцы, і мы работалі з вялікім захапленьнем.

Шмат разоў мы былі на кані і шмат разоў пад канём. Мы прыспасабляліся з кожным днём новы лад.

19. Да пары жбан ваду носіць

„Да пары жбан ваду носіць“. Так было і са мною: я папаўся. Цяпер сяджу ўжо ў астрозе ў Менску. Якім чынам я папаўся — ня важна; тут цікава ня прычына, а сам факт, а факт хоць і некарысны для мяне, але карысны для Рэспублікі. Падумаўшы добра, можна сказаць, што і для мяне карысна, бо ў турэмных мурох на хлебе і на вадзе я пачаў патроху прымаць сваё ранейшае аблічча.

Патроху пападаюцца ка мне ў камеру і з маёй ранейшай цёплай кампаніі. Круг контрабанды робіцца ўсё вузейшым і сьціскаецца чырвонаармейцамі ў мёртвую пятлю.