Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

Прыдзе Яўхім (муж Аўгіні) п‘яны і зараз-жа бярэцца біць жонку.

За што? Чаму?

Вось нешта скрабе сэрца, чэшуцца рукі — біцца самі лезуць. А як на чужых наступіш, дык яны — дзіўная рэч, — як тая качарга, зараз-жа назад на лоб Яўхіма наскочаць. Ён, хоць п‘яны ў дрызг, а гэтага ня любіць.

А жонку бі, колькі ўлезе — ні словам не супярэчыць, бо такі закон сам поп ёй на ілбе напісаў, каб слухалася мужа.

Аўгіня — маўклівая, пакорлівая істота — ні словам не супярэчыць. Яго рукі за жонку, каб пабіць, а яе рукі за хвартух, каб выціраць ціханька сьлёзы…

Гэтак адбываецца бадай штодня. Абодва да гэтага прывыклі. Гэта як-бы запаўняе ўсё іх жыцьцё. Бяз гэтага — нудна.

У Яўхіма проста думкі прапахлі самагонам. У Аўгіні ў касьцях гарачыня ад кулакоў п‘янага мужа.

Рэволюцыя нібы абмінула іхнюю хатку. Вакол нешта шумела-мітусілася, а яны — як жылі, так і жывуць. Ня надта што ўцяміш у тым, што робіцца вакол, калі Яўхіму трэба гойсаць па хутарох і засьценках — самагонкі шукаць. Яго жонка ведае толькі хату, поле сваё і той блакітны блін неба, які вісіць над яе галавой. На парадкі ў хаце, на ўвесь нудны аднастайны быт жыцьця свайго Аўгіня мае адзін адказ:

— Так трэба!