Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

Жыцьцё Аўгіні было роўнымі шалямі, якія заўсёды стаялі на адным месцы і ня зыбаліся ў бакі.

А вакол жыцьцё новае біла сьвежай крыніцай. Постаці людзей выпрасталіся. Вочы новым блескам гарэлі. У голасе адчувалася цьвёрдасьць, пэўнасьць. У кожным руху відаць было, што ранейшы лапатнік адчувае сябе гаспадаром над сабою і над усім акружаючым. Кожны разумее вартасьць, сэнс і радасьць жыцьця ў нейкім надзвычайным імпэце працы — працы не паасобку, дзе адзін на аднаго глядзяць, як на ваўка, а працы агульнай, дзе кожная зьяўляецца адным з вялікай кроўнай сям‘і — грамады.

Нават акружаючае: хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы зьмест, тварылі новыя настроі. Вялікі бунтар — грамада сарвала з прыроды луску папоўскай і вядзьмарскай забабоннасьці і страху. Усё апранулася ў сонечны блеск новых песень, новых разважаньняў і новых учынкаў. Прастор вабіў зусім іншымі казкамі — гэроічнымі казкамі барацьбы за лепшы лёс для людзей.

Паіншаму шарэлі імшалыя скрыні вясковых будынкаў, паіншаму зьвінела птушкамі даль палёў, паіншаму ківаў цёмназялёным шаломам лес, бо людзі іншымі вачыма на ўсё пазіралі, палаючымі сэрцамі атулялі-спавівалі ўсё навакол.

Сяляне зьбіраліся на сходы, абгаварвалі розныя свае справы: гарачыліся, злаваліся, разважалі, сумавалі, радаваліся.

Новыя словы нейкімі невядомымі птушкамі мітусіліся вакол: організацыя, коопэрацыя, выбары, уза-