Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

ён абегаў усю аколіцу і ніводнай пляшкі сівухі не дастаў — баяліся даць.

Па скрыпе дзьвярэй, па адрывістым шлёпаньні лапцей, па строга-адчайнаму выразу вачэй Яўхіма Аўгіня зразумела, што сягоньня з яе мужыком нешта надзвычайнае чыніцца.

Жудасна ёй зрабілася ад таго, што Яўхім сягоньня ўвашоў у хату бяз п‘яненькіх частушак-песень, бяз шорханьня-хістаньня і гусінага перавальваньня з боку на бок.

Неяк нязвычна…

Спачатку Яўхім сеў на лаву і дзікім зрокам уткнуўся ў падлогу. Потым ён падняўся, пабляднеў і давай, як воўк, блыскаць вачыма, намацваць імі ўсе куткі, нібы адчуваючы там нейкага страшнага ворага, схаванага пад старымі бэбахамі.

Потым Яўхім утаропіў вочы ў жонку, якая задрыжала ад страху, як асінавы ліст.

У вачох і рухах селяніна было нешта такое паўнае, рашучае і халодна-рэзкае, нібы раптам знашоў таго, чаго ўсё жыцьцё сваё шукаў, нібы знашоў свайго заядлага ворага, якога во зараз зьнішчыць…

Твар Яўхіма крывёй наліўся, на ілбе, шыі выступілі жылы, нібы пляцёнкі кошыка: Яўхім пачаў біць вокны, пасуду, гаршчкі, перавярнуў начоўкі з рошчынай і рабіў страшны садом у хаце.

Аўгіня ня рухалася з месца, разявіла рот, як-бы паветра ёй не хапае, і вытарашчыла вочы…

Як на тлустага селядца, пасьля ёмкай выпіўкі, Яўхім накінуўся на сваю жонку…