гаспадаркі. Падругое, Аўгіня, як ні дзіўна, пачала вучыцца пісаць і чытаць.
Пальцы яе былі пакрыўлены, як сукі, у мазалёх, пасмаленыя ў печы, патрэсканыя ад працы. Аўгінінае жыцьцё можна было чытаць па яе руках — найлепшы жыцьцёпіс працоўных людзей. У руках відаць была ўся душа вясковай гаротнай кабеціны.
Гэтыя рукі болей усяго вызначаліся, калі ў школе граматы для дарослых яны месца сабе не знаходзілі на белай, як сьнег, паперы. Дрыжэлі рукі ад шастаньня паперы маленькімі дрыгаткамі і як-бы сароміліся, лезьлі часта пад стол, каб іх папера ня бачыла.
Гэтыя рукі, якія так спрытна ўвіваліся пры самай цяжкай сялянскай працы, тут страцілі сваю пэўнасьць і сілу. Пальцы ня складваліся добра, каб ручку трымаць; ручка здавалася Аўгініным пальцам стопудовай булавою.
Здавалася Аўгіні, што нічога на сьвеце няма мудрэйшага, як выводзіць атрамантам просьценькія палачкі на паперы — вось такія рысачкі, як на аўсяным коласе… (Гэта здавалася тэй кабеціне, якая, апрача майстраваньня бліноў, яшчэ ўмела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітра-мудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Яна славілася гэтым на ўсю аколіцу). Ёй здавалася, што малюнкі вывадзіць куды лягчэй і жывей, чым простыя палачкі ставіць. Вось яна малюнкамі цэлую кнігу напісала-б…