Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

Аўгіня пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй вялізарным жытнім полем, якога яна ня здолее зжаць. Але гэта было толькі першымі днямі. Пасьля яна звыклася і навучылася так-сяк пісаць і чытаць.

У хату-чытальню Аўгіня прыходзіла штодня. Наслухалася шмат цікавых рэчаў. Выступала на сходах з гутаркамі-прамовамі, і зусім іншым чалавекам зрабілася.

Думкі яе выходзілі наўзьверх яскравымі, ядранымі словамі, як тая рунь, што відавочна ў цяплыні вылазіць на сьвет з чорных грудзей тлустай глебы. Ранейшая маўклівасьць павялічвала запас яе думак і слоў. Яе талент да бліноў і паяскоў і наогул да сялянскай працы пераліўся цяпер у яе новую грамадзкую працу. А разам з гэтым яна ня менш, чым раней, працавала і ў хаце.

Аўгіня набыла да сябе павагі ня толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Калі хто з бяднячак была чым пакрыўджана — ішла за парадай да Аўгіні. Дзе ладзяцца чырвоныя хрэсьбіны ці вясельле — там Аўгіня рэй вядзе. Трэба сказаць, што набожнай яна ніколі ня была. Ніводнай папоўскай малітвы ня ведала. Аўгіня выкрывала самагоншчыкаў — іх лічыла сваімі заядлымі ворагамі, знахароў лаяла і будзіла цёмных, як яна раней, сялянак да лепшага жыцьця.

Аўгіня як-бы нанова на сьвет нарадзілася, яе заўсёды выбіралі дэлегаткай на зьезды кабет-пра-