У ГЛУШЫ
— Р р-рып-хрып. Р-р-рып-хрып.
Гэта выводзяць лірніцкі сьпеў нямазаныя сялянскія калёсы.
Комсамолец Грышка, седзячы на возе, муштруе свае вушы, каб не кародзіліся ад дзікага рыпаньня калёс.
Фурман, селянін гадоў пад шэсьцьдзесят, у парванай салдацкай шынэлі, падпяразанай саматканым поясам, трымае ў руках лейцы і шчыра цмокае каню. Цмокае смачна, нібы смокча кавалак цукру.
Селянін увесь пранікнуты ўвагай да свайго коніка. Ні на хвіліну ня спускае з калматай закарузлай жывёліны свае выцьвіўшыя вочы.
То сукаватым пугаўём збрую падыме ўверх; то на конскія капыты кіне гаспадарчы ўзрок; то выскачыць спрытна з калёс, каб аброць паправіць і пры гэтым яшчэ ўсуне каравую руку пад хамут — памацаць, ці скацінка не спацела.
Ні на хвіліну селянін не перастае гутарыць з сваёй „воўкарэзінай“.
Нуканьні і тпруканьні, — пераблытаныя з сьмешнымі лаянкамі, — сыпяцца, як буйны гарох, з вуснаў гаспадара.