Пахучым сокам апырскана летняяя ноч. Аксамітным вэльмам у залатых незабудках выглядае зорачнае неба.
Вогнішча начлежнікаў красуецца на пяшчыстым узгорку над абрывістым берагам рэчкі, адбіваючы ў вадзе свае чырвоныя драконаўскія языкі.
Над застыўшай люстрай вады ціха лунаюць дзікія качкі, кідаюцца, як аграмадныя клёцкі, у шопатны aip. Над галовамі начлежнікаў торхаюцца кажаны. Калі-ні-калі крадзецца з лесу стогн-сьмех савы…
Воддаль, на другім беразе рэчкі, вызначаюцца цені вясковых будынкаў. Яны напамінаюць вялікую грамаду чорных фігур папоў і шаптуноў. Тыя забабоны і казкі, якімі кожны беларускі куток аплецены ў працягу вякоў, абросшы, нібы курган мохам, цяпер вылазяць наверх. Уночы яны накіроўваюць людзей на тое, каб у іх верылі.
Забабон носіцца на скрыдлах таемна-ціхіх кажаноў. Яго чуеш у гуках савы, у шэптах начных палёў…
Па кучаравым лесе лунаюць казкі аб страшных багатырох-асілках, аб дыванох-самалётах, аб жарптухах, аб чараўнікох, якія за ноч заворвалі і засявалі поле ў дзесяткі вёрст. Ці бачаць вяскоўцы, што казкі, у якіх выказваліся затоеныя імкненьні сялян, цяпер пранікаюць у жыцьцё. Адважны багатыр-асілак — увесь працоўны люд, які вызваліўся з-пад ярма паноў. Самалёт, электрыка, трактар — вось усе мары сялян, выказаныя ў казках, якія цяпер патрохі спраўджваюцца ў звычайным жыцьці.