— Няпраўда! — засьмяяўся Грышка.
— Ты ня верыш?! Эх, малакасос!
Селянін мерыць Грышку з ног да галавы кплівымі вачыма. Іронічная ўсьмешка ня зыходзіць з яго твару. Усё цела яго застыўшае, нярухомае.
— Ды ня толькі ваўкалакі, але й дамавікі водзяцца ў нас.
У селяніна ў вачох — страх.
— Вунь, штоноч у маладой удавы Аўгіні дамавік хату суздром пераварачвае, а ў нашай капліцы старыя абразы золатам зноў заблішчэлі. Каб я здох, калі гэта няпраўда! Народ валіць да ўдавы Аўгіньні з усёй аколіцы і дзівіцца на цуд. А сьвяты камень бачыў?
Селянін строга паказвае рукой у бок капліцы.
— Каб я здох, калі гэта няпраўда! Даўным-даўно, як людзі яшчэ ня былі такімі грэшнымі, як цяпер, сьвятая Марыя вандравала па нашых палёх. Усюды засталіся яе сьляды. У нашай вёсцы яна таксама была. На вялікім камені каля крыніцы, — вунь там (селянін паказвае ў бок капліцы) засталіся сьляды яе босых ног. Там яна калісьці стаяла. Каб я здох, калі гэта няпраўда!
Селянін гаворыць з такой пэўнасьцю, што Грышка павінен маўчаць. Ніякія довады не памогуць. Селянін на мінутку змаўкае, пераварачвае бульбу кіём, каб лепей пяклася.
У вёсцы пераклікаюцца голасна пеўні. Коні на лузе храпяць, бразгаючы жалезнымі путамі. Прыдушаным голасам брэша на блізкім гумне сабака.