Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

Праўда, у чалавека ў галіфэ няма вусоў, няма тых характэрных „бравых“, пашмальцаваных вусоў царскага тоўстамордага гарадавіка.

Але… Селянін скосу пазірае на сакратара ў галіфэ. Здаецца яму, што той круціць выабражаемыя вусы, забыўся і круціць выгаленае месца над губамі. А там, дзе павінны былі быць вусы, тырчыць густая шчаціна, нібы іржанё на асеньнім полі…

Селянін, як яму ні цяжка на душы, хоць ён вельмі зьбянтэжаны, — але пачынае ўсьміхацца.

Чалавек у галіфэ, які ўвесь час пільна пазірае за сваёй ахвярай, гэта заўважвае.

— Выхадзі адгэтуль, контр-р-рэволюцыянэр! — крычыць ён грымотным голасам, — а то ў халодную пасаджу!!!

Селянін соваецца задам да дзьвярэй і шэпча завяўшымі вуснамі:

— Па-па-паночак…

Чалавек у галіфэ глядзіць на яго з пагардай. Вочы злосныя, крывёй налітыя. На ілбе выступілі жылы, раздуліся ў сінія пугі. Гнеўна пачынае хадзіць па пакоі. Галіфэ шастаюць, як кавальскія мяхі. У вачох мятусіцца. Сакратару здаецца, што на яго плячох яшчэ блішчаць тыя залатыя пагоны, якія аздаблялі яго колькі гадоў таму назад. А ў вушох зьвініць водгалас яго ўласнага слова:

— „Контр-р-рэволюцыя“!

1925