парваныя нагавіцы. Усё гэта напамінала нядаўны час вайсковага комунізму. Выгляд настаўніка, вырваны з эпохі грамадзянскай вайны, нібы клінам урэзаўся ў наш час мірнага будаўніцтва.
Для настаўніка яшчэ ня мінуў гарачы, захапляючы пэрыод упартай барацьбы. Тры гады ён жыве вось у гэтай глушы. Увесь свой час змагаецца з вясковай цемрай. Ад пастаяннага змаганьня з яго маршчыністага твару ня зыходзіць выраз неспакою, напружанасьці і натхнёнай жывасьці.
Вочы ў яго вострыя, пранікаючыя, бародка — клінам, увесь ён тонкі і худы. Нібы верацяном вострым, гатоў ён у любую хвіліну пранізваць думкі вясковых людзей, каб асьвятляць іх, каб расьсейваць павуціну забабонаў, якімі запоўнены вёскі.
З добрай усьмешкай паглядае настаўнік на Янку Гарбача і чакае.
А ў Янкі думкі скачуць з месца на месца, лётаюць, як перапалоханыя авадні. Мітусяцца ў яго галаве крыжыкі, якія ў штодзенным жыцьці, у практычнай працы, у вадносінах з людзьмі зьвязвалі яго, злучалі з тэй культурай, навукай чалавечай, якая мае за сабою многа тысячагодзьдзяў, якая знаходзіла калісь свой пачатак вось ад такіх-жа крыжыкаў.
Да гэтага часу Янка бачыў толькі карысьць ад сваіх крыжыкаў. Толькі вось у гэту хвіліну ён павярнуў аглоблі ў другі бок — і давай у думках шукаць усе нявыгады крыжыкаў, усю нясуразнасьць сваёй цемнаты.