— Сапраўды магільнік нейкі! — падумаў Янка. Колькі яго дурачылі з такімі подпісамі дзеля яго няпісьменнасьці. Колькі ён папер падпісваў такімі крыжыкамі, ня ведаючы, што напісана ў гэтых паперах, а потым прыходзілася церабіць патыліцу, ваяваць, судзіцца і новыя глупоты чыніць. А ўсё дзеля таго, што ён чалавек няпісьменны.
„Жыць далей з крыжыкамі нельга!“ — цьвёрда падумаў Янка.
— Трэба над крыжыкамі паставіць крыж! — прагаварыў ёй голасна.
— Во, во! — падхапіў гэтыя словы, як самае каштоўнае і дарагое, настаўнік.
Вочы настаўніка засьвяціліся радасьцю: новая перамога!
— Значыць, будзеш у мяне вучыцца?
— Буду! — цьвёрда адказаў Янка і падняў галаву. Ен ажно ў твары зьмяніўся ад сваёй рашучасьці і ў знак згоды з настаўнікам, каб замацаваць гэту справу раз назаўсёды, Янка схваціў левай рукой правую руку настаўніка і са смакам хлопнуў па далоні настаўніка другой рукой сваёй. Ажна водгаласкі расплёскаліся вакол на розныя лады.
Так Янка заўсёды рабіў пры самых важных момантах свайго жыцьця, калі гандляру цялё прадасьць або калі каня памяняе.
Янка аддаў цяпер свае тры крыжыкі за пісьменнасьць.
Разьвітаўшыся з настаўнікам, Янка пашоў да хаты аднаўлёным, новым чалавекам.