Ен адчуваў сябе як-бы пад вакном цікавых палацаў, дзе чорныя літары на белай паперы аблягчаюць чалавечае жыцьцё, зьнімаюць нейкую луску з яго вачэй.
Ідучы да хаты, Янка не заўважваў, што робіцца вакол. Яго нешта падымала ўгару, нясло, як пярынку. Праз колькі часу ён сам будзе газэты чытаць, кніжкі, будзе падпісвацца словамі — „Янка Гарбач“.
Тут ён прыпомніў свае крыжыкі і давай пальцамі ў паветры зноў вывадзіць іх па старай прывычцы. Але зараз-жа ўсхапіўся:
— К ліху крыжыкі! — прагаварыў ён гнеўна.
А каб зноў іх не рабіць, ён пачаў лічыць свае пальцы на руках. Лічыць і хвалюецца-непакоіцца. То ў яго выходзіць дзевяць пальцаў, то адзінаццаць…
— Вось пракляцьце… — бармоча Янка і сьмяецца сам з сябе, што зьбіўся з панталыку.
Янка не пашоў дахаты, а павярнуўся ў коопэратыў, каб зараз жа купіць пісьменныя прылады.