НА ВАРЦЕ
Неба сьпявае соткамі жаўранкаў, якія кідаюць уніз, на рунь, срыбныя кроплі.
Хутар Грыбок мігаціць на горцы недалёка ад беларуска-польскай граніцы. Пад залацістай паводкай вясновага сонца будынкі невялічкага хутару выглядаюць кучай вялізных мухамораў.
Сонечны пыл рассыпан у паветры над палямі, хмызьнякамі і балотам. Даль на польскай старане пераліваецца яскрава-каляровым абрусом, які склейвае здалёку неба з зямлёй сіняватым кволым дымком…
Недалёка ад хутару стаіць чырвонаармеец са стрэльбай на плячох.
Тут трэба вартаваць і днём, бо хутар лічыцца як-бы этапным пунктам контрабанды.
Адгэтуль розныя тавары з польскага боку перадаюцца далей у глыб вёсак, скуль ідуць на Барысаў і на Менск.
Дз кая барацьба за багацьце вядзецца тут, на граніцы, усе апошнія гады. Нічога не памагае і страх сьмерці. Людзі агойталіся, ідуць за контрабандай пад кулі, часам гінуць, а часам удаецца.
Цяга да багацьця іх пераіначыла, загартавала, перакруціла думкі і пачуцьці, ахмяліла…