Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

Чырвонаармеец вызваляецца і йдзе на хутар. Яго цягне туды — да людзкога гора… На фронце быў ён акамянелым, ня здолен быў да сьлёз, а тут расчуліўся, успомнілася родная Магілеўшчына, вёска, старая маці…

На хугары людзі заняты векавечным чалавечым горам-бядою. Труна белая, сасновая, сьвежая ляжыць ужо на простым сялянскім возе. Конік стаіць панура мяккія губы яго як-бы іронічна моршчацца, чакаючы, што далей будзе.

Угледзеўшы чырвонаармейца, кабета яшчэ болей пачала галасіць каля труны. Сьлёзы бяз конца ліліся. Яна ламала рукі і цэлы паток галошаньняў, з рознымі прымоўкамі, жаласьлівымі слоўцамі, ліўся плыў з яе запёкшыхся вуснаў.

Мужчыны, чалавек пяць, ціха выціралі сьлёзы і неспакойна шапталіся між сабою.

Чырвонаармейцу здавалася, што ўвесь гэты невялічкі гурток людзей кідае на яго спадлобу няпрыязныя ўзрокі.

Конік таргануўся. Наперадзе йшоў чалавек з невялікім белым крыжам у руках.

Чалавек з крыжам, селянін гадоў пад пяцьдзесят, часта аглядаўся назад, спыняўся і перашкаджаў каню ісьці роўным і спорным крокам. Конь дзеля гэтага спыняў свой ход і ледзьве не наступаў чалавеку з крыжам на ногі. Але другі селянін, які вёў каня за аброць, часта штурхаў у плечы крыжаносца і гэткім чынам ажыўляў чалавека, якога агарнула роспач.