З прыходам чырвонаармейца каваліха таксама зьбілася з тону. Яе галошаньне страціла ранейшую плаўнасьць, роўнасьць і стройнасьць.
Уся жалобная процэсія як-бы выбілася з роўнавагі, зьбілася ў цесную кучку і аб чымсьці ціха перашоптвалася, разважала.
Чырвонаармеец адчуваў, што ён, бязбожнік, тут, мабыць, лішні чалавек.
Ён трохі збавіў кроку і застаўся ззаду. Сама далікатнасьць вымагала, каб ён так зрабіў.
Няпрыемна яму стала спачатку, бо нібы пачуў лёгкае хіхіканьне мужчын. Ці хіба яму гэта здавалася? Пэўна здавалася, бо мужчыны пачалі ў гэту-ж хвіліну кулакамі выціраць вочы, а каваліха зноў зяцягнула ад усяго сэрца плач-выцьцё ў перамежку з хаўтурнай песьняй.
Расстроеная жалобная музыка зноў настроілася.
Чырвонаармеец ішоў назад да хутара і толькі час-ад-часу адварочваўся ў бок дарогі, якая вяла да тракту, куды валачыўся конік з труной на возе.
Воз пакідаў за сабою лёгкі белаваты пыл, хутка разыходзіўся па бакох мутным туманам.
Пыл напомніў яму, што па гэтай самай дарозе месяц таму назад пракаціўся вясельны карнавал.
Маладыя былі багата ўбраны. Радасьць зьяла на іх тварах. Гармонік граў вясёлыя частушкі, і вясельныя песьні сыпаліся вакол, як шрот.
Такі ж самы пыл і тады віўся. Таксама і тады з вазоў на яго скоса пазіралі…