І ён такі ж самы чалавек: са шчырасьцю цягнецца да людзкога шчасьця, са шчырасьцю спачувае чалавечаму гору…
Так думаў чырвонаармеец — і з яго добрых вачэй сьвяцілася крыўда.
Тымчасам галошаньне сьціхала, замірала ў далі і хутка пакідала ў сэрцы чырвонаармейца лёгкі водгалас успаміну. Ён толькі трохі зьдзівіўся, што грукат калёс яшчэ добра чуваць, а галошаньне сьціхла.
— Што за аказія?
І як-бы калёсы хутчэй затрымчалі па няроўнай дарозе…
Учора старая бабуля, матка каваліхі, была яшчэ зусім здаровая, а сягоньня ўжо хаваюць яе,
Ён добра знаў гэту высокую сухарлявую бабулю з маршчыністым тварам, з вечна гнеўнымі падазронымі вачыма. Заўсёды заклапочаная па гаспадарцы, яна часта сустракала яго з няпрыязным тварам, нешта мармочачы сабе пад абросшы валасамі абвісшы нос-глюгу.
Нейкая затаёная хітрасьць сьвяцілася з яе мутнаватых вачэй.
Па ўсёй аколіцы яна славілася, як шаптуха — замаўляла ад усякіх хвароб. Людзі насілі ёй гасьцінцы. Яна іх „лячыла“ сваімі зёлкамі. На яго бабуля злавалася, бо ён сьмяяўся з яе шэптаў і адбіваў людзей. Як ні старалася яна задабрываць яго рознымі пачастункамі, гарачымі блінамі, малаком — ён не паддаваўся.