ЛЕТАПІСЕЦ
Было за поўнач. Цёмна было ў мястэчку. Кропаў дробны густы васеньні дожджык. Здавалася, што вільготная цемра сыплецца з вялізарнага рэшата на местачковыя хаты, якія ў поцемках нібы туліліся адна да аднэй.
Па вуліцы цёпкаўся забрызганы гразёю дзяк. Ён аглядаўся па бакох, выстаўляў рукі перад сабою, думаючы, што во-во нешта ці некага намацае ў поцемках.
У галаве прыемна шумела. Сэрца горача тузгалася ў грудзёх, а ногі выкідваліся самі наперад і як-бы наўмысьне траплялі ў лужыны. У дзяка сягоньня быў надзвычайна цікавы і жывы дзянёк: быўшы валасны старшыня Мікіта Аўдзей выгнаў вядро самагонкі і запрасіў добрых людзей „пакаштаваць“. Быў сакратар цяперашняга сельсавету з жонкай і заядлы п‘яніца —фэльчар.
Пачастунак-баль пачаўся ад поўдня. Хоць самагонка трохі аддавала агідным пахам, ад якога няпрыемна ікалася, аднак госьці пілі яе з засосам, хвалілі вінакура і смачна закусвалі кілбасою, салам і агуркамі. Пасьля дзесятай чаркі дзяк так павесялеў, што бяз жаднай музыкі закасаў полы і пусьціўся ў скокі.