Цмокаў губамі, тарарамкаў і вырабляў нагамі драпачок.
Кампанія ўся плёскала ў далоні, рагатала і ня прыкмеціла, не пачула спачатку, што з вуліцы, з-пад акна льлецца ў хату нейкая музыка. Пачуўшы музыку, госьці ажно ахнулі ад дзіва і засталіся з разьзяўленымі ратамі, на падобіе літары „О“.
Музыка як-бы з неба звалілася, надзвычайна пекная, ды яшчэ ў гэткую патрэбную хвіліну, калі душа радуецца, скача й сьпявае, калі пад воблачкамі самагонкі здаецца, што самі сьцены, стол і закускі радуюцца, скачуць і сьпяваюць.
Усе прыціхлі і пачалі прыслухоўвацца з урачыстасьцю на тварах. Пад п‘янымі мазгамі ўсе былі пэўны, што гэта ня звычайная чалавечая музыка, а нябёсная. Верылася і ня верылася.
Кожны шчыпаў сябе за нос, думаючы: мо‘ гэта толькі сон. Пры гэтым дзяк па памылцы шчыпнуў за бок чырвонашчокую дачку старшыні, ажна яна падскочыла на табурэце і крыкнула: „Фэ, брыдка!“
Музыка раптам сьціхла. Чары скончыліся неспадзявана. Дзяк зазлаваўся і забасаваў на ўсю хату:
— Міхаіл архангел! Труба ярыхонская! Валі ў ха-ату!
Нядоўга чакаючы, паказаўся ў дзьвярох таёмны чараўнік-музыка. Гэта быў бедны вандроўца-катарыншчык. Выставіўшы катарынку перад сабою, як скрыню з дарагім скарбам, ён зьняў шапку і стаў пасярод хаты.