Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

Усе вельмі ўзрадваліся нечаканаму, патрэбнаму цяпер гасьцю, пасадзілі яго за стол, і дзяк сам узяўся за катарынку і давай круціць ручку. Катарынка талялюкала хрыплым голасам „На сопках Манчжурыі“ і „Маруся атравілася“, а старшыня з фэльчарам скакалі…

Што далей было, дзяк ня памятае. Надта бурна прашоў дзянёк у гасьцёх. Ён, дзяк, лез да ўсіх цалавацца, прычым так надакучаў, што фэльчар плюнуў яму ў скалмачаную бараду.

Яшчэ цяпер, успамінаючы аб гэтым, дзяк злуецца і бурчыць.

— Духоўніку ў бараду пляваць! Д‘ябал! Сатана! Гарэтык! Хара!

Пры слове „хара“ дзяк намацаў дзьверы сваёй хаты і крыкнуў.

— Адчыні, маці!

Доўга трымаўся ён за клямку, бо заспаная жонка марудзіла, запаліла маленькую лямпачку і вышла ў сенцы.

— Наглымзаўся зноў, паскуда! — вылаяла яго жонка, адчыніла дзьверы, паставіла лямпачку на стол і пашла ў цёмную каморку спаць.

Дзяк ціханька зьняў паліто, сеў за стол і глыбока задумаўся. Адна думка засела каменем у яго мазгох ужо даўно, некалькі год, і неміласэрна клявала яму патыліцу: ён задумаў пісаць летапісь. Усё не выбіраўся, а цяпер настаў час пісаць. Поўноч, цішыня, лямпачка на стале, за сьцяной сьпіць жонка…