вышаў падобным да бацюшкі. Тут дзяк успомніў, што яму ўжо некалькі тыдняў здаецца, што ў бацюшкі на ілбе зьзяюць агнёвыя рогі нячысьціка.
Побач з чортам эвангельскі тэкст гаварыў аб тым, як сын божы выганяў злых духаў з людзей. І дзяк зьнізу прыпісаў:
„Божа! выгані беса з нашага бацюшкі, раба твайго. Ён у апошнюю нядзелю гаварыў казаньне з амбона і з такім імпэтам размахіваў рукамі, ажно рашпілілася доўгая халаміда і ўвесь народ пабачыў, што бацюшка забыўся апрануць нагавіцы“.
Пры гэтым дзяк так моцна зарагатаў, ажна жонка прачнулася. Яна выскачыла спалоханая з чорнай каморкі, працірала вочы, касурылася на мужа, думаючы, што ён раптам звар‘яцеў.
— Ідзі ўжо дрыхаць! Лотра ты, п‘яніца! — ад усяго сэрца лемантавала жонка.
Дзяк ёй нічога не адказаў ды яшчэ галасьней рагатаў. Жонка плюнула ў яго бок і зноў пашла спаць.
Дзяк успакоіўся, перавярнуў лісток і давай вывадзіць літары. Пісаў, круціў галавой і хітра ўсьміхаўся ў бараду. Ён пачаў пісаць на палёх, побач з тым месцам, дзе сейбіт у эвангельскай прытчы выходзіў у поле насеньне расьсяваць. Доўга пераварачваў ён лісток за лістком ды ўсё пісаў.
Дзяк у душы быў пэўны, што цар жыве, што ў хуткім часе вернецца назад. Дзеля гэтага ён пісаў цару данос на ўсіх недаверкаў і „супастатаў“.