Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

„У вёсцы Зябліках перасталі ў школе вучыць закон божы. Школьнікі называюць мяне „барадатым дзякам“ і перасталі мяне паважаць. Вышлі на іх, Ільля прарок, лютага мядзьведзя з лесу — няхай ён перадушыць усіх дзяцей“.

Дзяк намаляваў грамаду дзяцей, на якіх напаў мядзьведзь.

„Брата свайго малодшага я выправіў у лес ваяваць з бальшавікамі. Я яму строга загадаў выразаць усіх нехрысьцяў і паліць бязбожныя вёскі. Пры гэтым я загадаў яму штодня маліцца. Дай яму, божа сьвяты, сілачку і здароўе. Аман“.

Дзяк набожна глянуў на сьвятыя абразы на сьцяне і перажагнаўся.

Дзяк доўга сядзеў над эвангельлем і старанна выводзіў літары. Усе палі кнігі, усе белыя куточкі яе ён запоўніў сваёй пісанінай. Усё пісаў богу даносы і пракляцьці на людзей.

Строгімі вачыма сьвятыя пазіралі са сьцяны на „летапісца“. Тоўсты кот залез к дзяку на калені і соладка драмаў. Рабіна на дварэ ляпала галінамі ва ўспацеўшыя цёмныя шыбы, як начны дух, і трохі жудасна дзяку зрабілася. Ён падазрона час-ад-часу касурыўся на вакно, і на яго нападаў страх. Але прытульнае сопаньне жонкі ў другім пакоі ўспакойвала яго: ён не адзін у хаце, дзякаваць богу. Дзеля большай сьмеласьці ён нацыпачках падышоў да спальні і адчыніў дзьверы так, каб жончын ложак быў відаць. Перажагнаў вакно і зноў сеў за стол пісаць. Доўга пісаў, аж сьпіна забалела.