У цішыне чуў ён, як пад раніцу пелі пеўні і пераклікаліся па ўсіх хатах мястэчка. На яго напала шаласьць — ён хацеў на ўсю хату крыкнуць „ку-ка-рэ-ку“, але стрымаўся. Пры такой сьвятой пісаніне не выпадае балавацца.
Раптам дзяк ні з таго, ні з сяго ўскочыў і стаў на ногі. Ён прыпомніў, што, выходзячы ад старшыні, яму гаспадар усунуў у кішэню пляшку самагонкі на дарогу. Ён дастаў з кішэні паліта бутэльку і давай ліць сабе ў глотку.
Буль-буль-буль! — глуха пералівалася гарэлка.
Сьвятыя з старасьвецкіх тоўстых рамаў строга пазіралі на дзяка; ад міганьня лямпачкі здавалася, што яны мігаюць вачыма, як жывыя.
Горача зрабілася дзяку. Агонь гарэў у яго грудзёх. Сэрца моцна стукала, а ў вачох пачалі мільгаць зялёныя кругі. Галава зрабілася цяжкой і вочы зьліпаліся.
Дзяк ляжаў на падлозе і моцна спаў. На стале валялася рашчыненае сьпісанае эвангельле, а побач сядзеў надуўшыся кот і таемна мурлыкаў…