ПУД ЖЫТА
Мутная вільгаць вісела ў паветры, як павуціна. Конік трухаў, памалу перабіраў нагамі, хлёпкаў па топкай грэблі, на якую наступалі з абодвух бакоў шэрагі высокіх асін і жыліста-вілаватых вольхаў.
Побач з конікам соваўся аблезлы ў рознаколерных латах і латачках кажуронак.
— Но-о-о! Ка-аб цябе… — чуўся з кажуронка няшчыры фурманскі голас. — Но-о-о! Ка-аб цябе… — не даканчваў ён лаянкі. Пры гэтым кожны раз пугаўё пісала таемныя знакі ў паветры. Пугаўё намервалася прыпадаць да худых скабаў коніка і… не адважвалася.
Конік на гэта не зварачваў жаднай увагі. Калматыя тоўстыя ногі яго лагодна мерылі грэблю крок за крокам, а вочы няпільна глядзелі наперад на роўную муць дарогі, якая выглядала вузкай туманістай глоткай балоцістага густога лесу.
За конікам тарарахталася скрыпучая каламажка. Напружаныя аглоблі трымалі моцна коніка, уеліся ў яго з абодвух бакоў, нібы доўгія клыкі зьвера.
У каламажцы на сядзеньні з гарохвінаў чарнелася суконнае паліто пад чорным капялюхом. З-пад капялюха тырчэлі ва ўсе бакі іржанога колеру доўгія валасы. Валасы крахталі кожны раз, як мажка зыбалася па карчох. Шырокія чорныя рука-