— Ды колькі-ж ёй гадоў? — запытаўся поп.
— Сёмы дзесятак, бацюшка, канчаецца. Мы самі думалі, што памрэ.
— Калі выздаравела, дык дзякаваць богу, — сказаў холадна бацюшка. У яго тоне чулася, што ён шкадуе аб тым, што старая выздаравела, бо пуд жыта прапаў за нішто…
— Забылі, забылі вы ўсе пра бога, — махінальна марматаў поп, ідучы ў хату.
Вінавата апусьціўшы галаву, ішоў побач з ім стары селянін.
— Не паверу табе, Марцін, — казаў поп, — пакуль не пабачу тваю гаспадыню сваімі вачыма.
Пры гэтым ён хітра ківаў доўгім пальцам на селяніна.
— Пабачыце, бацюшка, пабачыце! Яна якраз бліны пячэ, — запэўніваў папа селянін.
Ад цемнаватых сенцаў аддавала цялятамі і кіслай капустай.
— Асьцярожна, бацюшка, асцярож… — Але Марцін лічыў за лішняе закончыць слова, бо бацюшка ўжо ўдарыўся капялюхом аб касяк дзьвярэй.
Поп перажагнаўся на абразы і сказаў хатнім: „Здравствуйце“. Жвавая бабулька, як уюн, круцілася каля прыпечку. Весела палаў у печы агонь. Вялікі саган з капустай быў абхоплены полымем. Вар у ім баўтыхаўся і шлёпаўся. Побач стаялі два меншыя гаршчкі і паглядалі на вялікі гаршчок, як два чорныя мурыны на свайго караля. Самы прастор у