— А ў сьвяточныя дні? — трывожна зайздросна пытаўся поп. — Ці-ж ты і ў сьвяточныя дні таксама працаваў?
— У сьвяточныя дні я езьдзіў у горад на кірмаш або адпачываў у хаце.
— Дрэнна, дрэнна… — ківаў бацюшка галавой, — забылі вы пра бога, забылі. А бог напомніў пра сябе, і старая твая чуць не памёрла.
Бацюшка шкадаваў прапаўшы пуд жыта, хацеў злавацца і нават моцна злавацца, але пачуў шэпты кабет у сенцах. Пах пражанай яечні казытаў прыемна яго нос. Пры гэткіх абставінах сэрца бацюшкі распусьцілася, як кветка вясной, і лагодныя думкі аб смачным абедзе грэлі яго, нібы праменьні сонца.
Селянін апусьціў галаву. Ён задумаўся: гаспадыня сапраўды ўсіх падвяла сваёй хваробай. Усе з носам асталіся, як яна выздаравела: і поп, і ён сам, і нявестка, і добрыя людзі, якія чакалі выпіўк пры хаўтурах. Вось жывучая, каб яе…
Думкі папа пакіраваліся ў сьветлы бок. Гэта толькі часова парахвіяне яго ахаладзелі да цэркві божай. Ва ўсім гэтым яго сьвятая божая воля, — ён так хоча памуштраваць людзей.
Селянін яму нешта гаварыў аб сваёй гаспадарцы, а ён думаў свае думкі.
„Ды мне няма чаго бога гнявіць, у суседняй парахвіі яшчэ горай, там духоўніка і слухаць ня хочуць“.
Пры гэтым старая гаспадыня палажыла на белы, як сьнег, абрус і разам з маладой нявесткай пачалі насіць яду. Чаго-чаго толькі яны не нанесьлі