Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

А папу чамусьці здавалася пасьля пятай чаркі, што гаспадар пры сваіх салодкіх упрашваньнях думае:

„Давіся, поп, скула табе ў лоб, трасца табе ў бок! Што ты мяне аб‘ядаеш, гультай?“

Яму здавалася, што малады гаспадарскі сын, які моўчкі чвакаў, злосна на яго сподлоб‘я глядзіць.

Падазроныя думкі яшчэ болей павялічылі яго апэтыт.

На старую гаспадыню бацюшка паглядаў добрымі набожнымі вачыма і ўцяшаў сябе:

„Усе мы памром. Вечна жыць ня будзем“.

Яго радавала думка аб тым, што ўсе памруць. Пры гэтым ён крытычна паглядаў на старую… Нідзе яна ня дзенецца… Пуд жыта не прападзе…

Старая вабіла яго да сябе сваім зморшчаным тварам, змораным выглядам. Ён глядзеў на яе, нібы на казачны скарб, які рассыпецца ў кучу залацістага жыта.

Старая прыбірала са стала спрытна, кемна спраўлялася, як-бы ёй было толькі дваццаць гадоў.

Бацюшка пазіраў на яе, як на сваю ўласнасьць. Гэта ходзіць, круціцца, як уюн, яго пуд жыта…

Расчырванеўся бацюшка, пальцы абмазаў тлустасьцю і, забыўшыся, чвакаў галасьней за ўсіх. Ад выпітай гарэлкі настрой у яго часта мяняўся, і ў канцы на яго твары распаўзлася ўсьмешка ўздаволенасьці, лагоднасьці і прыхільнасьці да старога селяніна.