ДЗЕД АРЦЁМ
Вецер скубаў цёмна-бурыя саламяныя стрэхі. Ён гойдаўся над калматай вёскай, скачучы па комінах, па старых азяродах і па стромкіх жоравах студняў крокамі асілка-вялікана. Абсыпаны залатою шчацінаю вясновага сонца вецер прыблытаўся сюды з прасторных пустых палёў, каб патрывожыць абросшае мохам згорбленае стада хатак.
На абшырным пустым гумне стаяў стары дзед Арцём. Замасьлены кажуронак тырчэў на ім, як бляшаны. З-пад старой кучмы віселі жмуткі жоўта-сівых валасоў. Яго рэдзенькая празрыстая бародка выглядала, як прыклеены пук кудзелі, якую нявідочныя пальцы тармошаць цяпер ва ўсе бакі.
Дзед жмурыў маленькія мышыныя вочкі, сагнуўся, упіраўся рукамі ў вострыя калені і пільна прыслухоўваўся. Дзед як-бы прымацаваўся да месца, каб вецер яго не папхнуў, і выглядаў адзінокім абвугленым карчом.
Шурчыць вецер на стрэхах — ш-ш-ш-ш-ш — нібы сала пражэцца на патэльні. Галёкае і войкае па пустых комінах жудасным хрыпам. А во скавыча ў недалёкім гушчары, як парсюк, якога на коляды коляць. А на суседнім гумне самы