∗
∗ ∗ |
Некалькі дзён „чартоўскія цымбалы“ дзеду Арцёму супакою не давалі. Аб іх усе гаварылі. Не маглі дачакацца той хвіліны, калі дрот чалавечым голасам загавора.
Дзед майстраваў на дзядзінцы бярозавае тапарышча. Ён увайшоў у гэту працу ўсёй істотай, аддаў ёй кемнасьць і спрыт многіх гадоў. Можа дваццаць пален ператрымаў, пераважваў стары ў сваіх руках, пакуль вымеркаваў якраз патрэбнае паводле сухасьці і трываласьці дрэва. Нібы скульптар, які ў мармуравай глыбе бачыць зграбныя формы будучага закончанага твору, таксама бачыў стары Арцём у кавалку дрэва прыгожае, гладзенькае, беленькае, як сьнег, як малако, тапарышча…
Арцём жмурыў вочы, з замілаваньнем стругаў палена, апарошаны ўвесь стругавіньнем, нібы белымі матылькамі.
Каля дзеда капаліся ў сьметніку куры: фарсісты ганаровы певень з вялікім зьбянтэжаным гарэмам рознакаляровых жонак.
Певень, зацікаўлены талентам дзеда, спрабаваў клюнуць раз-другі маленькае стругавіньне, але, не адчуваючы ў ім смаку, зірнуў на дзеда каплівым вокам і з сумленьнем кіўнуў галавою.
У гэты час у вёсцы пачалася нейкая суматоха, беганіна. Дзед у захапленьні мастака не заўважыў гэта спачатку. Падняў ён калматую галаву ад работы толькі тады, калі гоман людзей вырас у грымучы паток.