Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

Паліліся гукі „Лявоніхі“, спачатку ціхія і павольныя, як журчаньне ручая, але з кожным разам гукі крапчэлі і сыпаліся шыбчэй.

Вясёлыя шчокатлівыя зыкі піаніна перапляліся з стройным сьпяваньнем хору. Гучны сьпеў запоўніў вуліцу, усю вёску, адбіваўся ў гарачым блеску людзкіх вачэй. Песьня нявідочным дажджом палілася ў кроў, у нэрвы.

Людзі пачалі пад песьню і музыку выбіваць такт нагамі, пляскаць у далоні. Нарэшце некаторыя маладыя ня вытрымалі — пусьціліся ў скокі на шырокім дзядзінцы.

Нешта ўстрывожыла старога Арцёма. Ён успомніў маладыя гады — ён быў калісьці вялікім гулякай. Закружылася галава, як ад самагону. Невядомая с ла ўцягнула і яго ў вір гульбішча.

Дзед круціўся на месцы з тапарышчам у руках, тупаў нагамі і сьпяваў:

„Гэй, Лявоніха, Лявоніха мая!“

Ён ачнуўся ад шалу толькі тады, як труба сьціхла і людзкі рогат шкляным гарохам пасыпаўся ў яго бок.

— Ой, спакусіла нячыстая сіла… марматаў спалоханы дзед і пачаў выціраць пот з твару. Тапарышча выпала з рук.

Дзед кідаў злоснымі вачыма ў людзкую грамаду і трос на іх, нібы гірамі, дзьвума фігамі, скручанымі насьпех з закарузлых жылістых пальцаў.